top of page

Элементам канструкцыі жылля, супрацьлеглым страсе, столі, была падлога, якая з'яўлялася ніжняй мяжой прасторы жылога памяшкання. I калі гарышча ў структуры будовы хаты ў народным усведамленні ў мінулым уяўляла «нябесную сферу», то падлога збліжалася з урадлівай глебай, нівай. Таму ў старажытнай абраднасці так распаўсюджана было рытуальнае пасыпанне падлогі зернем. Напрыклад, раніцай Новага года спраўляўся так званы абрад засявання. Яго выконвалі дзеці, якія хадзілі павёсцы з торбай, напоўненай зернем, заходзілі ў хаты і, павітаўшы гаспадароў, імітавалі сяўбу, пасыпаючы падлогу жытам, аўсом, ячменем і спяваючы: «Сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю!» Гэтае абрадавае дзеянне рабілася для добрага ўраджаю ў будучым годзе. На вяселлі таксама пасыпалі зернем падлогу, каб у хаце былі багацце і дабрабыт.

У некаторых абрадах зерне замянялася грашамі. Напрыклад, у час наваселля госці, пераступаючы парог, часам кідалі на падлогу манеты, тым самым жадаючы багацця ў хаце. 3 мэтай дасягнення багацця і шчасця ў хаце на Тройцу (Сёмуху) , усю падлогу густа засыпалі аерам. На Радаўніцу ўсцілалі падлогу зялёнай травой. Падлога ўвасабляла ўрадлівую глебу, ніву, і лічылася грахом пляваць на падлогу, бо з кожнага пляўка выводзіцца чорт.

Падлога ў беларускай сялянскай хаце амаль да пачатку xx стагоддзя ў пераважнасці рабілася глінабітнай. У даўнінубыла нярэдкасцю і земляная падлога. У XX ст. распаўсюджваецца драўляная дашчаная падлога, якая, безумоўна, і цяплей і гігіенічней. Сёння дашчаная падлога ў вясковых дамах робіцца паўсюдна, глінабітная і земляная падлогі даўно адышлі ў мінулае. Адышлі ў мінулае і саламяныя стрэхі — цяпер у нашай вёсцы робяць дахі з гонты, шыферу ці з металічнага ліста. Але старая вясковая хата з саламянай страхой назаўсёды застанецца ў нашай памяці як успамін аб мінулым, аб жыцці-быцці нашых продкаў. I міжволі ўсплываюць радкі з верша Янкі Купалы:

3 саламянай страхой мая хата, тачок!

Многа чутак наводзіць і дум на душу.

Я у сне бачу іх, помню кожны разок

I у сэрцы, як веру, нашу.

ПАДЛОГА

bottom of page