top of page

СТОЛ

У мінулым у рэчавым свеце беларускай сялянскай хаты цэнтральнай фігурай быў стол, і акружаны ён быў арэолам сімволікі.

Невыпадкова ў час вяселля, аднаго з найбольш важных народных сямейных святаў, ён адыгрываў важную рытуальную ролю. Так, калі быў гатоў вясельны каравай, маладую прыводзілі ў хату і яна, атрымаўшы благаславенне бацькоў, тры разы па сонцы абыходзіла са сватам вакол стала.

Вось так пелася ў беларускай вясельнай песні:

Абыйлзі. Гануля, наўкол стала,

А ўпадзі мацёнцы ў белыя ножкі...

Таксама і малады ў час абраду спросін павінен быў услед за сватам тры разы абысці стол. Аналагічны абрад не раз яшчэ паўтараўся за час вяселля. Трэба сказаць, што рытуальнае абыходжанне вакол стала (звычайна тры разы) у беларусаў было наогул вельмі распаўсюджаным абрадавым дзеяннем. Так, бабка-павітуха пасля купання нованароджанага дзіцяці, трымаючы яго на руках, разам з кумам таксама тры разы абыходзіла вакол стала, на якім ляжаў хлеб.Тое, што ў розныя ўрачыстыя моманты адбываліся такія абрадавыя абыходжанні вакол стала як нейкага рытуальнага цэнтра, не выпадкова, бо стол у беларускай сялянскай хаце на самай справе з'яўляўся нейкім сімвалічным сакральным цэнтрам, вакол якога абарочвалася ўсё жыццё ў доме. Ва ўсведамленні народа нават існавала аналогія: стол у хаце — алтар у царкве.

Сапраўды, параўнайце: ваджэнне маладых вакол стала ў хаце і ваджэнне іх вакол алтара ў храме (дарэчы, у даўніну алтар у хрысціян меў форму стала). Стол у хаце лічыўся амаль што свяшчэнным, бо думалі, што праз стол, які ставіўся ў чырвоны кут пад абразы, наладжваецца сувязь з Богам, з небам. Святасць стала вызначалася яшчэ і тым, што на яго клалі самае дарагое — хлеб, стаўлялі свянцоныя свечкі, святую ваду і інш. Але ў той жа час на яго ніколі не клалі шапку, грэбень, ключы ці сумку, на ім ніколі не трымалі нож.Таксама ж на стол нельга было дапусціць кошку ці поўзаць неразумнае дзіця. Безумоўна, нельга было і даросламу сесці ці стаць нагамі  на стол, бо ён быў свяшчэнны. На сімвалічную сувязь  стала з небам ва ўяўленнях нашых продкаў указвае звычай, калі ў час памінальнай вячэры адкладвалі на стол частку рытуальнай стравы (канона) для душаў памерлых продкаў, якія, як думалі, знаходзяцца на небе.

Абыходжанне вакол стала ў часвяселля адбывалася па сонцы. Аднак у час жалобы ўсё адбывалася наадварот — за памінальны стол прысутныя заходзілі супраць руху сонца. Гэта тлумачыцца тым, што ў першым выпадку сімволіка стала была звязана з жыццём, яго шчаслівым працягам, у другім — са смерцю, з рухам у небыццё. Пасля заканчэння трапезы ўсе, акрамя самага старэйшага, выходзілі з-за стала ўжо па сонцы. Гэта азначала надзею, што ў хаце жыццё будзе доўжыцца.

Адрозніваліся вясельны і жалобны сталы таксама і па сваёй форме. Вясельны стол павінен быў складацца з двух пастаўленых перпендыкулярна адзін да аднаго сталоў, нагадваючы такім чынам літару «Г», сімвалізавала яднанне двух родаў - жаніха і нявесты. Памінальны ж стол звычайна ставіўся ці ў адзін рад ад покуці да парога, ці ў два рады, нязлучаныя паміж сабой. Такая структура стала сімвалізавала, што засталася  голькі галіна аднаго роду, галіна ж другога роду са смерцю аднаго з членаў сям'і знікла.

Такім чынам, стол у сялянскім побыце, па-першае, з'яўляўся сімвалічным цэнтрам рэчавага свету хаты, усёй унутранай прасторы жылля, па-другое, меў сімвалічную сувязь з небам, і па-трэцяе, у прасторы рэчавага свету хаты выконваў сімвалічную ролю Зямлі. Сімволіка сялянскай хаты была адлюстраваннем геацэнтрычнага ўяўлення людзей мінулага аб сусвеце, калі ў цэнтры светабудовы, па іх перакананні, знаходзілася Зямля, а ўсе нябесныя свяцілы круціліся вакол яе. Хата як бы з'яўлялася паменшанай мадэллю такога сусвету. У цэнтры гэтай мадэлі, што ўяўляў рэчавы свет хаты, стол — быццам бы Зямля ў нябеснай прасторы.Вакол яго абарочвалася ўсё жыццё ў хаце, як вакол Зямлі бег планет і свяціл. Менавіта над сталом як сімвалам Зямлі на Каляды ў хаце вешалі залацісты саламяны «павук» — абрадавы сімвал жыватворнага сонца.

Стол у беларускай хаце раней амаль заўсёды быў самаробны. У далёкай старажытнасці яго часам замяняла калода ці вялікі пень. Самаробныя ж сталы па сваім вонкавым выглядзе таксама былі блізкія да прыродных аб'ектаў Іх формы моцныя, нібыта народжаныя самой прыродай ідуць ад каржакаватых ствалоў дрэў беларускага бору. А часам у беларускай народнай мэблі можна было заўважыць ўплыў заходнееўрапейскіх стыляў дэкаратыўнага мастацтва Так, даследчыкамі адзначаецца яўная сувязь старажытна беларускага стала на козлах з рэнесанснай канструкцыяй стала на скрыжаваных ножках. Таксама, як лічаць, рэнесанснае паходжанне мае распаўсюджаны ў беларускім народным жыллі стол на дзвюх Т-падобных ножках, якія аб'ядноўваюцца падоўжаным брусам з умацаваннем шыпамі.. Што тычыцца матэрыялу, з якога выраблялі сталы, то часцей за ўсё выкарыстоўваўся дуб, часам сасна ці ліпа. Дрэва не фарбавалася. Стол у хаце стаяў нічым не пакрыты, абрусам яго засцілалі толькі ў святы і ў іншых спецыяльна рытуальна адзначаных выпадках (напрыклад, пры памінанні памерлых).

Калі ў хату завітаў госць не ў святочны дзень, стол пакрываўся ручніком, госця ж саджалі ў кут пад абразы.

Улюбым чалавечым жыллі вучоныя выдзяляюць так званы «культурны гарызонт», дзе іпраходзіць дзейнасць чалавека. Ніжэйшая мяжа культурнага гарызонту вызначаеццасядзеннямі і месцамі для спання. Вышэйшая мяжа размяшчаецца на ўзроўні вачэй. Стол жа з’яўляецца сярэдняй, эталоннай плоскасцю ў жыллі, дзе адбываюцца найбольш важныя дзеянні: дамашняя праца, прыгатаванне ежы, прыняцце ежы і пітва.

Тое, што знаходзілася ніжэй паверхні стала як сімвалічнага цэнтра, лічылася менш цэнным, у сімвалічным плане не мела паважліва-сімвалічнага значэння. Гэта датычылася, напрыклад, лаваў. Так, іх становішча ў цэннаснай іерархіі аб’ектаў рэчавага свету хаты не дазваляла класці на іх хлеб.

Нашы продкі лічылі, што «падземны свет», свет, які размяшчаўся ніжэй паверхні стальніцы, — гэта месца, дзе панавалі нячыстыя духі. Менавіта тут, пад лаўкамі, выходзілі  з-пад печка, шпацыравалі па начах дамавік, кікімары, жахлівая Мара і інш. Безумоўна ж, рэчы, якія знаходзіліся: ў «царстве нячысцікаў», не маглі несці паважліва-сімвалічнага значэння.

Старажытны чалавек, ствараючы вакол сябе падабенства пабудовы Сусвету лічыў, што такім чынам ён абараняе сябе ад дрэннага ўздзеяння варожых сіл, якія існуюць у навакольным свеце.

bottom of page