top of page

А вось у куфры стаяць, як пaлі, сувоі белага ільнянога палатна. І можна прыгадаць, як жанчыны і дзяўчаты церлі гэты лён і пралі, вілі і снавалі, і як у маі ўвесь свет быў белы ад вішань, ад яблыньі ад палотнаў на лузе пад сляпучым сонцам.

Цяпер саматканыя палотны не робяць, а старое палатно берагуць. "Свая" тканіна і вопратка з яе лічыцца самай здаровай для летняй спёкі. З палатна шылі розную вопратку, фарбавалі яе,упрыгожвалі вышыўкай.

У куфры захоўвалася самая каштоўная і значымая ў жыцці чалавека вопратка: першая пялюшка,вясельны строй, вопратка на святочны дзень (блузка, андарак, фартух, хусткі), адзенне ў апошнюю дарогу (каб лішне не турбаваць жывых).

А зараз мы пазнаёмімся з вопраткай нашага куфра.Вясельная сукенка з белага штапелю і вышытая Пачабыт Верай Аляксандраўнай блакітнымі незабудкаміў 50-ыя гады мінулага стагоддзя. Сціпла, але з густам, і як прыемна на дотык.

Сёння мы апранаем вопратку са штучнай тканіны, маем яе шмат, а раней мелі небагаты гардэроб, але ўсё насілі натуральнае. А станік для маладой пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя сшыты настолькі па- майстэрску, што і праз амаль 100 гадоў застаўся цікавым здабыткам для нашчадкаў.​

У царкву і на святы апраналі самае прыгожае адзенне. Ні адзін раз маладой дзяўчынай апранала блузку, вышытую па грудзях, на рукавах з баваўнянай тканіны Чурыла Кацярына Іванаўна ў 50-ыя гады мінулага стагоддзя.

Спадніцы з сукна, так званыя "андарaкі". Густа-сінія, зялёныя, часцей чырвоныя, як жар. У папярочныя тканыя палосы з ромбаў і квадратаў. Самыя прыгожыя, шырокія палосы ідуць ля падола. Чым вышэй, тым яны вузейшыя, тым прасцейшы ўзор.У нашым куфры знаходзіцца андарак паўсядзёнага ўжывання зялёнага колеру, вытканы з шарсцяных нітак у 20-ыя гады ХХ стагоддзя.Часам тканы андарак – гэта твор мастацтва.

Фартухі насілі абавязкова. Палатняныя, кужэльныя.Фартух з нашага куфра затканы гарызантальнымі палосамі з кветак, зорак і крыжыкаў. Фартух вытканы ў 20-ыя гады ХХ стагоддзя.

Абавязкова ў куфры былі хусткі: светлыя – на свята,у царкву, а цёмныя – на будзень.

Хустка, яскравы полавызначальны элемент строю, дэталь, якая адназначна сцвярджае прыналежнасць да жаночага роду. Замужнія жанчыны не мелі права з'яўляцца па-за межамі хаты без галаўнога ўбору, “засвяціць валасы” лічылася не толькі сорамам, але і ўчынкам, вынікам якога маглі быць адны непрыемнасці. Верылі, што да жанчыны з адкрытай галавой адкрываецца доступ нячыстай сілы. У сістэме полаўзроставай і сацыяльнай іерархіі завязванне хусткі пазначала пераход ад дзявоцтва да замужжа.

У час Вяселля хустка становіцца яскравым сімвалам, які натуральна ўпісваецца ў семантыку розных этапаў шлюбнай урачыстасці.

У этнаграфічных апісаннях зафіксаваны розныя спосабы павязвання хусткі – «на чапец маладой завязваюць маленькую хустачку, а на апошнюю – яшчэ большую хустку велічынёй прыблізна з прасціну; да хусткі прышываюць той вяночак, які падрыхтавалі нявесце яшчэ ў дзень дзявочніка». Хустку вешалі з правага боку за поясам у брата маладой, трымаючыся за якую тая выходзіла да жаніха. Хустка выступала як знак згоды, яднання, як сімвал самой дзяўчыны (напрыклад, пры варожбах дзяўчаты паласкалі свае хусткі ў начоўках, чыя першай выскачыць, тая і замуж ранней пойдзе). На знак згоды дзяўчына давала хлопцу замест звыклага пярсцёнка дзве хусткі, а пасля запоінаў сама завязвала нарачонаму яе на шыю, а другую закладвала за пояс. Хустка адыгравала ролю і своеасаблівага сцяга, калі чырвоная – паказвала на тое, што ў гэтым доме вяселле; у іншых месцах вывешвалі чырвоную альбо белую хустку ў залежнасці ад таго, захавала маладая дзявоцкасць альбо не. Задзейнічана хустка і ў пахавальным комплексе: яе давалі ў рукі памерламу, каб было чым выціраць слёзы, калі пойдзе па шляхах сваіх пакут, кідалі ў магілу, каб не сумаваць па нябожчыку.

ВОПРАТКА

bottom of page