top of page

Экскурсія

"Хата нашых продкаў"

Калі ласка, у нашу хату,

Даражэнькія сябры!

Паглядзіце, як прыгожа

 Наша хата ў гэты дні!

У куце святым чырвоным –

Абрадавыя ручнікі.

Каб душы продкаў улюбёных

Маглі гасціць тут праз вякі.

У кожнай хаце беларуса ўсхвалялі і пакланяліся Богу і таму на покуці тварам на ўсход вешалі абраз і ўпрыгожвалі саматканым ручніком. Гэтаму абразу і ручніку больш за 100 год. Геаграфія нашых экспанатаў Гродзенскі, Бераставіцкі, Свіслацкі, Зэльвенскі раёны Гродзенскай вобласці. Збіралі экспанаты настаўнікі нашай школы.

 

 

Саматканыя, з белага кожалю,

Пабялёныя ля ракі,

Тканыя арнаментам.

Паглядзіце на ручнікі.

 

 

Зірніце сюды:

Міскі, талеркі, гаршкі маляваныя,

Глячы, збанкі,

Карабы, сявейкі.

Вы бачыце тут чорназадымленыя збанкі ад поразаўскіх ганчароў. Печ распальвалі да 100 градусаў, затым кідалі туды смаляныя дровы і наглуха закрывалі горан. У Малахавічах таксама працавалі ганчары, нават вуліца была Ганчарная.

Хата мая, хатуля…

Куфры. Ложкі ў падушках. Дарожкі,

Што далей у свет павялі.

Як бацька, як маці – матуля, -

Багацце найбольшае на зямлі.

Шырокі, высокі, акованы куфар,

Малёваны вокал, з клямкаю са сталі,

Не стыдна б такому і на панскі хутар.

Куфар незамкнёны, бо Ў нас не кралі.

Палатна сувоі белыя, льняныя,

Стаяць, быццам сваі цесаныя тыя,

Спрадзеныя  тонка, вытканыя туга,

Выбеліў іх травень сонейкам і лугам.

Вечарамі колькі трэба было прасці,

Колькі ткаць, бяліці, пакуль у куфар скласці.

Звярніце ўвагу на калаўрот, за якім жанчыны пралі  лён , а затым вілі , снавалі і ткалі. А ў маі ўвесь свет быў белы не толькі ад вішань і яблынь, а ад палотнаў, якія расцілалі на лузе пад сляпучым сонцам адбельваць.

Сцежкамі ў полі, уздоўж дарожных даляў

Вышытыя розна ручнікі ляжалі,

Белыя, даўгія, гэтак у час мяцелі

Студзень каля хатаў чысты снег пасцеле.

А на іх рукою вышытых жаночай

Сінія валошкі з макамі ў вяночак,

Галубок і пеўнік, ягады каліны,

Нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні.

Па  канцах карункі тонкім павуціннем

Альбо пераплётам фрэндзлі зіхацелі.

У кожнай мясціневышыўка была непаўторнай, мясцовай. На Беларусі вядома больш за сто спосабаў і відаў вышыўкі. У нас тут ручнікі са Свіслацкага і Зэльвенскага раёнаў, якім больш за 50 год, а таксама вышываныя дарожкі, якім бальш за 60 гадоў.

Белыя кашулі, рукавы ў заборы,

Пазуха скрозь – наскразь вышыта ўзорам

Чорным і чырвоным, у васілёчкі – сінім.

Роўненька пры боку зложаныя ў скрыні.

Некалькі настольніц з найтанчэйшай пражы,

А ў кожнай колер і ўзор інакшы!

Дываноў жа столькі,

Усе па лёне воўнай.

Глянеш, як на ніве:

Зелена, чароўна! 

Дываны – луг квяцісты ў руках,

Мары дзіўныя, утканыя ў ніці,

Каляровы дзявочы пасаг,

Промень шчасця з жыццёвай крыніцай.

А хустак,як макаў!

Розных шаляновак

З дзён яшчэ дзявочых,

Сініх і бурдовых.

Цёмныя – у цэркву,

Калі пост надыдзе.

 Ясныя, як сонца, -

Тыя на вялікдзень.

Ясны шоўк – на свята,

А паркаль - на будзень.

Яшчэ адна хустка, цёплая, цяжкая,

Яе велькай хусткай называюць.

Ёю ў непагоду добра атуліцца,

Старым у дарозе і для маладзіцаў.

Праз куфар праходзіць усё жыццё чалавечае. Першая пялюшка, вясельны вянок маладой і вопратка ў апошнюю дарогу, калі чалавек паміраў.​

З кута ў кут жаўцела лава,

З парога аж да абразоў –

Прамая хаціна аправа,

Устойлівая, без цвікоў.

На ёй давалася аддуха

Буханкам з печы агнявой,

На ёй сядзела папрадуха

Ды калаўрот круціла свой.

А то качалкі грукацелі –

Качалі з лёну ручнікі!..

З цёплай ласкавай печчу –

Паганскім святым алтаром.

Дзе агонь першародны, правечны

Сакральным жывым святлом.

Душу ачысціць. Радасць навее.

І накорміць усё сяло.

А занядужае хто – прагрэе.

І хваробы як не было.

У цёмным ціхім запечку

Хаты дух – дамавік –

Нашы душы чытае, як свечкі.

Ненавідзіць ён зло,

Бо да ладу прывык.

Не зачынялася хата

Для добрых суседзяў. Надзей.

І вячоркамі шчодра, багата

Весяліла дарослых, дзяцей.

Хата мая, хацінка –

У абдымках яблынь і сліў.

Сэрца майго часцінка.

Свет, дзе ты іншым быў.

Не дарэмна вёска наша цэніцца:

Шчырасцю – гасцінны беларус.

На парозе толькі госць павернецца –

Ільняны разгортваем абрус

Верашчака, смажанкі, бульбянікі…

Пахне полем дзедаўская печ.

Ешце, госці, залатыя дранікі –

Упадзе гадоў дзясятак з плеч.

І плыве гамонка лёгка, шпарка.

Так  у нас заведзена даўно:

Не звядзецца ў нашай хаце скварка,

Разам з ёй гасціннасць заадно.

bottom of page