top of page

ДЫВАНЫ

Адчыняеш куфар –і адразу кідаюцца ў вочы рознакаляровыя дываны, ад якіх цяжка адарваць захоплены позірк. І ўсё гэта рабілі звычайныя жанчыны сваімі рукамі. Уменне ткаць дываны высока цанілася ў народзе. Аднак гэтым майстэрствам валодалі не ўсе, таму неабходныя дзяўчыне на выданні дываны часам заказвалі вядомым майстрыхам. У пераважнай большасці выпадкаў дываны ткаліся па цёмнай аснове з ільняных нітак (пазней –баваўняных) ваўнянымі ніткамі, пафарбаванымі ў розныя традыцыйныядля пэўнага рэгіёна адценні асноўных колераў: ружовы, бурачковы, юлевы(ліловы), жоўты, рабінковы, глінясты,руды, жычковы, васільковы, зялёны.На дыванах можна знайсці ўсе прыёмы і элементы беларускай традыцыйнай арнаментацыі тканін.​

Дыван,тэкстыльны ўжыткова-дэкаратыўны выраб. Іншыя назвы посцілка,пасцілка, дзяружка, радзюжка. У некаторых рэгіёнах паўночна-заходняй Беларусі назвы дывана і посцілка прымяняліся да падобных, але розных паводле матэрыялу і прымянення вырабаў. Посцілка ткалася толькі з ільняных(зрэбных, зрэдку кужэльных) нітак як аснова, так і ўток; узоры для яе выбіраліся тыя, што не патрабавалі шмат нітоў (пераважна 2, 4, 8). У куфры знаходзіцца льняная посцілка, выткана ў чатыры ніты рознымі колерамі, 50-ыя гады мінулага стагоддзя.​

Дыван у адрозненне ад посцілкі быў каштоўным дэкаратыўна-ўжытковым вырабам, святочным прадметам: ім засцілалі ложкі на свята,а ў будні яго захоўвалі ў куфры. У нашым куфры ёсць рознакаляровыя дываны ў кветкі, палоскі,вытканыя з баваўняных і шарсцяных нітак.

Дываны з нашага куфра датуюцца 50-ымі – 60-ымі гадамі мінулага стагоддзя.Дыван таксама служыўу рытуальнай практыцы для сакральных мэт: ім засцілалі ўслон, на якім ставілі дамавіну з нябожчыкам (народнае параўнанне ”Выткала дыван, як пад труну”), сядзенне на возе для маладых, ён уваходзіў у пасаг нявесты. Дываны памерлых ткачых  прыносілі ў ахвяру царкве разам з ручнікамі-  набожнікамі. Дываны часта выкарыстоўваліся пры вянчанні маладых у царкве.У куфры знаходзяцца дываны розных майстрыц і таму розная тэхніка ткацтва: браная, закладная, выбарная.

А зараз мы з вамі паспрабуем разабрацца ў дадзенай тэхніцы.

Пры закладной тэхніцы часцей ткуць шматкаляровыя мастацкія тканіны і дываны. Пры гэтым спосабе ткацтва каляровы ўток прапускаецца не ўздоўж усяго зева, а толькі праз тую колькасць нітак асновы, якая патрабуецца для ўзору, і вяртаецца назад.

Выбарная тэхніка – адна з разнавіднасцей бранага  ткацтва. Узорныя ніткі праходзяць не па ўсёй шырыні тканіны, а ўчасткамі, таксама як у пераборы, паварочваючыся ў пэўных месцах то ў адзін, то другі бок. Выбарныя тканіны часцей за ўсё былі шматкаляровымі.

Самыя складаныя ўзоры жанчыны выконвалі бранай тэхнікай. Яна заключаецца ў тым, што за бёрдам адбіваюцца па ліку ў пасму асобныя ніты асновы. Выкананыя бранай тэхнікай дываны (посцілкі) двухкаляровыя. Рысунак рэльефны, выпуклы, а на адваротным баку – яго негатыўны адбітак. У браным ткацтве рознакаляровыя ўточныя ніткі могуць быць размешчаны толькі гарызантальнымі палосамі, у выбарным ткацтве размяшчэннеколераў можа быць адвольным.

Поруч з гэтымі тэхнікамі існуе старажытнае ўзорнае шматрамізнае або шматнітовае ткацтва. Гэта адна з самых складаных тэхнік для стварэння таго або іншага ўзору з дапамогай большай колькасці нітоў. Напрыклад, можна выткаць рознакаляровую посцілку “ў шашкі”.

Пры выкарыстанні гэтых тэхнік выконваліся розныя ўзоры, як геаметрычныя, так і раслінныя. Дываны ткалі бязворсавыя.Свой аповед пра дываны хочацца закончыць радкамі з паэмы “Куфар” Геніюш Ларысы:

То ўзорам чорным на ўтку зялёным,

То на белым-сінім, бы расой замглёным,

То ў вянкі, у алені нейк перабірана,

Быццам не рукамі , а машынай ткана.

bottom of page