top of page

Традыцыйны побыт беларусаў канца XIX– пачатку XX стагоддзя немагчыма ўявіць сабе без ручніка. Разам з абрусам, посцілкай ён уваходзіў у лік прадметаў, без якіх не абыходзілася ніводная сялянская сям’я незалежна ад узроўню яе матэрыяльнага дабрабыту і якія захоўваліся ў куфры. У залежнасці ад свайго галоўнага прызначэння беларускі традыцыйны ручнік можна ўмоўна далучыць да дзвюх аздобленых груп тканін:

  • дэкаратыўна-абрадавых

  • гігіенічна-бытавых

У нашым куфры налічваецца адзінаццаць ручнікоў.​

Да гігіенічна-бытавых адносіўся ўціральнік.

З успамінаў Пачабыт Веры Аляксандраўны.”Асноўная служба выціральніка заключалася ў выціранні рук і твару пасля ўмывання. Прычым на патрэбу сям’і выдзяляўся толькі адзін ручнік, які звычайна вісеў пасярэдзіне сцяны. У лазню яго не бралі: цела тут выціралі бялізнай – знятай ці падрыхтаванай да змены. Выглядаў ён усюды аднатыпна: не надта доўгі (каля 1,5метра), вытканы палатняным, а часцей саржавым перапляценнем, канцы ўпрыгожваліся палоскамі натыкання, а часцей аздабляліся карункамі, плеценымі з нітак асновы”.

У нашым куфры знаходзіцца толькі палавіна такога ручніка, яго нам дала ў дар Пачабыт Вера Аляксандраўна Ручнік ільняны, упрыгожыны махрамі, датуецца 40-ымі гадамі ХХ ст.

Ручнік адлюстроўвае гісторыю народа, яго дух, творчыя памкненні і мастацкае светаўспрыманне. Гэта найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры і мастацтва. Беларусы, як ні адзін з іншых еўрапейскіх народаў, захавалі да пачатку XXI стагоддзя ў жывым функцыяніраванні незлічонае багацце фальклору. Сярод іх – ручнік, які і сёння ткуць і вышываюць у розных кутках Беларусі. Загадкавымі знакамі арнаменту, магічнай абрадавай сілай і хвалюючай вобразнай мовай мастацтва ручнік прадаўжае прымаць удзел у нястомным дыялогу культуры мінуўшчыны і будучыні.

Зусім іншы выгляд – абавязкова з перавагай чырвонага колеру – мелі святочныя набожнікі. У нашым музейным пакоі ёсць ручнік –набожнік 30-х гадоў ХХ стагоддзя з ільну з вытканым арнаментам. Знакі арнаменту на ручніку,іх спалучэнне па прынцыпе множнасці ў агульную кампазіцыю даносяць да нас, старажытныя ўяўленні чалавека пра светабудову і з’яўляюцца адлюстраваннем архаічных светапоглядаў і светаўспрымання. Ручнік мы атрымалі ў дар ад Крысян Вольгі Марцінаўны,жыхаркі пасёлка Южны. Святочны набожнік з’яўляўся знакам і народных і царкоўных святаў. Ён выступаў прыкметай свята і адным з галоўных яго атрыбутаў. Ручніку-набожніку, як прадмету сакральнаму, было вызначана ў доме сталае месца –у чырвоным куце,на покуці.​

Чырвонай ніццю ў прамым і пераносным сэнсе вобраз ручніка-шляху праходзіць праз усе дзеі вясельнага абраду. Нявесце завязваюць на руцэ ручнік,які яна цягне за сабой па зямлі, як бы пракладваючы шлях, па якому хутка за ёй пойдуць замуж і яе равесніцы. Ручнік-падножнік, на якім маладыя стаяць у час вянчання ў царкве, нявеста, абыходзячы вакол алтара, павінна цягнуць за сабой, каб сяброўкі не заседжваліся ў дзеўках.Гэты ручнік  пасля вяселля скручвалі і захоўвалі на працягу ўсяго жыцця. Ручнік-шлях фігуруе ў абрадах вясельнага пасада маладой і маладога. Успамінае жыхарка Вёскі Малахавічы Кавальчук Марыя Іванаўна:”Раней ні адна дзяўчына не магла замуж выйсці, калі не мела ў куфры з добры дзясятак ручнікоў. Перад тым, як малады ехаў да маладой,сват браўся за адзін канец ручніка, другі падаваў маладому і вёў яго на пасад: абводзіў вакол стала тры разы па сонцу. А мяне,перед тым як сесці на пасад – на засланую лаўку ў чырвоным куце, тата абвязаў ручніком і тройчы абвёў па руху сонца вакол стала”.

Праз вясельныя абрады маладыя пераходзілі ў іншы ўзроставы і сацыяльны стан, нараджаліся ў новай якасці. Ручнік у выглядзе працяглай тканіны быў прызваны спрыяць самому моманту такога пераходу, сімвалічна маркіраваў той шлях, што вёў маладых адно за аднаго, да ўваходжання кожнага з іх у склад іншага радавога калектыву. Звычайна такія ручнікі былі белага колеру з вышытымі краямі абавязкова чырвоным колерам. Некалькі такіх ручнікоў знаходзіцца ў нашым куфры.Гэта льняная або баваўняная тканіна з прыгожа вышытымі кветкамі чырвонымі, зялёнымі і сінімі ніткамі. У вясельных ручніках чорны колер адсутнічаў.

Этнографамі адзначана семантычнае падабенства вясельнай і пахавальна-памінальнай звычаёвасці. Пахавальна-памінальныя абрады,што па ўстойлівых уяўленнях беларусаў спрыялі пераходу памерлага ў іншы свет і ўзаемаадносінам душ продкаў-дзядоў з жывымі суродзічамі, яшчэ больш выразна гавораць пра непарыўную вобразна-семантычную сувязь ручніка з дарогай.

Палатно,ручнікі, у раскінутым выглядзе, павінны былі служыць шляхам для душ памерлых. Ручнік вешалі за акно, калі ў хаце з’яўляўся нябожык, каб яго душа змагла адшукаць сабе дарогу на той свет. Пры гэтым белы ручнік, без усякай вышыўкі, чыстае палатно былі шляхам для душы добрага чалавека,у той час, як памерламу чараўніку рассцілалі шнур, а не ручнік, каб лягчэй яго душа адыходзіла ў іншы свет.

Ручнік вісеў у хаце да пахавання і шэсць тыдняў пасля яго, каб душа нябожчыка, вяртаючыся ў свой дом,знаходзіла сабе прытулак. Ручнік аблягчаў ёй гэты шлях, служыў прыстанішчам і месцам адпачынку. Ручнік быў шляхам паміж светам жывых і памерлых, мяжой паміж сферамі зямной і нябеснай. Паўсюдна на Беларусі ручнік прынята класці ў дамавіну, каб канцы абавязкова звешваліся звонку, “каб дарога была на той свет” адкрыта. Апусканне труны ў магілу на доўгіх ручніках ці на палатне таксам сімвалізуешлях у іншы свет. У нашым куфры таксама ёсць такі ручнік 40-х гадоў ХХ стагоддзя.

У традыцыйнай радзінна-хрысціннай абраднасці ручнік карыстаўся асаблівай павагай, што звязана са старажытнымі ўяўленнямі аб яго магічна-ахоўнай сіле. Гэта выразна прасочваецца ў рытуалах родавага перыяду,якія мусілі спрыяць паспяховаму завяршэнню вялікага акта ўваходу ў свет новага чалавека. Так, адзін з традыцыйных акушэрскіх прыёмаў заключаўся ў тым, што да бэлькі прывешвалі ручнік – звычайна ў ім насілі пасху, і парадзіха трымалася за яго, каб суцішыць боль.

Абмен падарункамі адбываўся паміж парадзіхай і кумам, паміж кумам і кумой. Традыцыя патрабавала, каб кожны з тых, каго запрасілі ў кумы, нёс хлеб, пакрыты ручніком ці кавалкам палатна. Хлеб кума часцей за ўсё аддавалі свяшчэнніку,хлеб кумы заставаўся ў сям’і навароджанага. Паўсюдна на Беларусі быў распаўсюджаны звычай адорваць святара, каб “атрымаць імя” немаўляці. Неслі ў падзяку найперш хлеб, ручнік, пазней – грошы.

Раней у беларускіх ручніках панавала ўмоўна-сімвалічная мова геаметрычнага арнаменту, які трывала звязваецца са светаўспрыманнем земляробчых культур, з аграрнай сімволікай, прадуцыруючай магіяй. Тэкстыльная арнаментыка ўвабрала ў сябе, данесла да нашага часу амаль увесь арсенал знакаў, элементаў той мовы, якою чалавецтва карыстаецца з часоў верхняга палеаліту для перадачы ідэальнага зместу паняццяў жыццяі дабра, для магічнага надання сакральных уласцівасцей рэальным прадметам. У адрозненне ад суседніх этнасаў – рускіх і ўкраінцаў, беларусам не ўласцівы сюжэтна-выяўленчыя кампазіцыі, і толькі зрэдку, у пазнейшыя часы на традыцыйных вышываных ручніках сустракаюцца раслінныя ўзоры і выявы Дрэва жыцця.

Ромб – бадай першы ў гісторыі чалавечай думкі сімвал жыццёвасці, дабратворнасці і, мабыць, першая сімвалічная выява, знак, ідэаграма жыцця і дабра – скразны матыў тканага і вышыванага геаметрычнага ўзорачча беларускіх ручнікоў. Ён прадстае ва ўсёй эвалюцыйнай разнастайнасці сваіх відарысаў: просты ромб,ромб перакрыжаваны, ромб з чатырма кропкамі, ромб з парасткамі, ромб з кручком. Характэрным матывам арнаментыкі з’яўляецца роўнаканцовы крыж, упісаны ў ромб, які спалучае ў сабе дахрысціянскі сімвал распаўсюджвання дабра на ўсе бакі свету і хрысціянскую выяву. У рэдкіх выпадках, хутчэй як выключэнне, ва ўзорах беларускіх ручнікоў сустракаецца свастыка – салярны сімвал, знак свету і агню, які таксама злучаны з сімволікай урадлівасці.

Дакладна не ўстаноўлена, які выгляд меў старажытны беларускі ручнік, але можна дапусціць, што ён быў трошкі меншы па сваіх памерах за сучасны, вырабляўся нескладанымі спосабамі ткацтва, а калі арнаментаваўся, то пераважна шыццём. У каларыстычных адносінах пераважалі, відаць, шэра-белыя ці прыглушаныя чырвона-карычневыя адценні льнянога прадзіва – суравога, адбеленага або пафарбаванага раслінным рэчывам.

Аб’яднаныя зладжанай сістэмай сувязей, прыстасаваныя да пэўнага часу, этнічных традыцый і канкрэтных падзей, усе яны неслі адну і тую ж глыбінную сімволіку – ахову, спрыянне, добразычлівы ўплыў, нарэшце, благаславенне “ вышэйшых” сіл.

Ручнік, бясспрэчна, быў родавым абярэгам, а ў сучасным разуменні ўвасабляў сабою ідэю сцяга. Гэта ахоўнае покрыва збірала пад сваю апеку ўвесь род, прычым лічылася, што магічная сіла разлівалася не толькі на жывых, але і на памёршых суродзічаў.Ручнік паўставаў сімвалам адзінства пэўнай групы людзей, знакам іх аб’яднання ў межах родавай, а пазней сямейнай сацыяльнай групы,знакам іх групавой сілы, а менавіта здольнасці абараніць блізкіх, калі ў тым мелася патрэба.

Шмат стагоддзяў карыстаюцца беларусы ручніком. Ткуць і расшываюць яго і сёння. Паступова, год за годам, стагоддзе за стагоддзем, выпрацоўваліся і адточваліся характэрныя адзнакі традыцыйнага аздаблення беларускага ручніка. За доўгі перыяд яго існавання паступова сцерліся выразныя адзнакі дэкаратыўнай аздобы вырабу, прызначанага для пэўнага абраду, але засталося самае дасканалае, істотнае, жыццёва неабходнае.

Ручнік – рэч глыбока сімвалічная, шматзначная. Вышываная, узорыста вытыканая тканіна здольна выклікаць у нас шмат пачуццяў і асацыяцый. Створаны па законах мастацтва, ручнік упрыгожвае паўсядзённасць і адначасова з'яўляецца сімвалічным напамінам аб нябачных сувязях, што знітоўваюць асобнага чалавека з Богам, яго родам, продкамі. У ім праглядваецца пэўнае асэнсаванне рэчаіснасці, мадэль сусвету, якой доўгі час карысталіся нашы продкі.

РУЧНІКІ

“Да ліку ручнікоў утылітарнага прызначэння адносіўся скарач (трапкач, пацірач) – маленькі, квадратнай ці падоўжанай формы, неад’емнай прыналежнасцю якога былі доўгія махры, часам акуратна спавітыя прыгожымі шнурамі-кутасамі.Скарачы ніколі не ткаліся асобным вырабам, а адразаліся ад простага ці ўзорыстага палатна.Яны ўжываліся для выцірання посуду, рук,а пругка сплеценымі кутасамі іх, па сведчанні старажылаў, білі дзяцей.Галоўная функцыя скарача перанос керамічнага посуду з ежай. Сабраныя вакол пасудзіны доўгія махры ўтваралі трывалую ручку, што дазваляла  зручна пераносіць палявыя гаршкі з хаты на сенажаць ці жніво”.

Відазмененай формай ручніка быў і надзежнік – палатняная накрыўка для дзяжы.Яго таксама выкарыстоўвалі  на ўрачыстым паднашэнні хлеба-солі, караваю.

У нашым куфры захоўваюцца і дэкаратыўна-абрадавыя ручнікі:

  • ручнік-набожнік

  • ручнік-шлях

  • ручнік-повязь.

Гэтыя сімвалічныя вобразы стагоддзямі замацоўваліся ў свядомасці людзей абрадамі і рытуаламі традыцыйнай культуры, а сучаснай культурай яны ўспрымаюцца на ўзроўні архетыпаў.

Архетыпічная сімволіка абумоўлена ўстойлівымі рытуальнымі, абрадавымі і дэкаратыўнымі функцыямі ручніка, асаблівасцямі яго формы, характарам дэкору і яго кампазіцыяй, уласцівасцямі самой тканіны.

Набожнік–найбольш пашыраная на Беларусі назва арнаментаванага ручніка абрадавага прызначэння, які ўжываўся для святочнага і штодзённага ўбрання абразоў і жылля.Вядомыя назвы–“набразнік”, “накутнік”,”платок”, “багавік”. Адметныя рысы яго – выразная дэкаратыўнасць і пэўная даўжыня, якая вар’іравалася ад двухда пяці метраў у залежнасці ад памераў бажніцы і колькасці абразоў. Найпрыгажэйшыя сярод іншых відаў ручнікоў, набожнікі, адрозніваліся паміж сабой характарам свайго дэкору.Больш сціплыя прызначаліся для штодзённага побыту і надавалі будзённы выгляд інтэр’еру хаты. Так, чорнае ўзорачча”пасцянога”ручніка адпавядала тыдням Вялікага посту. Калі панавала эмацыянальна-псіхалагічная прыглушанасць, пачуцці былі накіраваны на ўнутранае, духоўнае ачышчэнне.

У самой назве “чырвоны кут” адлюстраваліся народныя ўяўленні аб дабратворным уздзеянні на ўсё жывое чырвонага колеру – колеру сонца,на ўсход якога і была заўсёды накіравана покуць. Набожнік на покуці з’яўляўся матэрыялізаваным увасабленнем сімвалічнай ідэі чырвонага кута не столькі маркіроўкай сакральнасці гэтага месца ў структуры арганізацыі ўнутранай прасторы сялянскай хаты, колькі самым тым галоўным прадметам, які і надаваў яму гэтыя якасці. Ці адвечна ручнік суправаджаў абраз – параўнальна новы рэлігійны сімвал, дата ўзнікнення якога звязана з афіцыйным прыняццем хрысціянства і не выходзіць за мяжу апошняга тысячагоддзя. Пераход у хрысціянства, відаць, адбываўся без карэннай ломкі старых парадкаў, без парушэння язычніцкай бажніцы.Дакладна не вядома, ці доўгі быў спіс тых прадметаў да ўвядзення хрысціянства, але ёсць усе падставы сцвярджаць, што туды ўваходзіў і ручнік.

Высокі ўзровень засцерагальнай функцыі ручніка можна растлумачыць тым, што калісьці ён з’яўляўся, відаць, сімвалам роду, а значыць, яго заступнікам, абаронцам, прадстаўніком у найважнейшых жыццёвых абставінах. Ён лічыўся пасрэднікам паміж двума сямейнымі кланамі, уладкоўваў іх сувязі, наводзячы роўную дарогу добразычлівых адносін.

bottom of page