top of page

У нашым музейным пакоі знаходзіцца куфар 30-х гадоў ХХ стагоддзя, зроблены з сасновых дошак, з фігурнымі ножкамі, пафарбаваны ў зялёны колер. Дадзены куфар знаходзіўся ў небагатай сям’і адной з жыхарак вёскі Баля Сольная Гродзенскага раёна Станіславы Мышко.

“Куфар, скрыня, драўляная ёмістасць, у якой хавалі тканіны, адзенне, бялізну і каштоўнасці, гэта від мэблі”.У куфры збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля куфар перавозілі ў дом маладога. Вядомы з часоў позняга сераднявечча як сховішча каштоўнай “цэхавай маёмасці”. Як сцвярджаюць даследчыкі, на пачатку куфар меў выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці металічнай скрыні з плоскім векам, часта па-мастацку акаванай, забяспечанай ўнутраным замком складанай канструкцыі.

У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр’ерах – вялікія, драўляныя, з акоўкаў па кантах, фарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. У сялянскім інтэр’еры пашыраны з ХІХ стагоддзя, замяніў кублы. Выраб куфра часта набываў характар промыслу. Іх рабілі з сасновых ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных колцах, па баках мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы – унутраны замок ці зашчапку для вісячага замка. Успамінае жыхарка мікрараёна Южны, якая раней жыла ў Зэльве, Пачабыт Вера Аляксандраўна:”У нас куфар быў вялікі, акаваны  жалезнымі палосамі з фігурнымі краямі. Акоўка таксама і на кантах, пярэдняй сценцы і веку, не пафарбаваны, збоку металічныя ручкі, каб добра было пераносіць”.

Пад уплывам заходнееўрапескіх барочных форм куфры набылі пукатае века, часам звужаную ўнізе форму. Простая аднатонная афарбоўка саступіла месца дэкаратыўнай размалёўцы, галоўным чынам фляндроўцы, якая імітавала каштоўныя пароды драўніны. З пачатку ХХ стагоддзя ў многіх рэгіёнах пашыраны куфры з мастацкай размалёўкай расліннага характару. Гэта уплыў украінскай аздобы куфра. Перавагу аддавалі сакавітым малюнкам у выглядзе букетаў і гірляндаў кветак, якія кампанаваліся ў квадратах і прамавугольніках, утвораных палосамі акоўкі ці фляндроўкі. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў.На Гродзеншчыне пераважала “цацкаванне” – нанясенне ўзору на афарбаваную паверхню куфра з дапамогай штампікаў з бульбы ці рэпы. Дробныя геаметрычныя і раслінныя матывы (зоркі, разеткі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага колеру наносіліся ў выглядзе палос уздоўж акоўкі ці кругоў між ёю на сінім або вішнёвым фоне.

Хочацца прыгадаць дакладныя і душэўныя радкі вядомай беларускай паэтэсы Геніюш Ларысы, якая жыла ў той час, калі куфар быў у пашане ў кожнай сям’і:

Шырокі, высокі, акованы куфар,

Малёваны вокал, з клямкаю са сталі,

Не ўстыдно б такому і на панскі хутар.

Куфар не замкнёны, бо ў нас не кралі.

У пахучым куфры важка ўсё ляжала,

Што сама бабуля працай рук прыдбала.

Быццам водар з поля пранясло ля хаты,

Так запахла лугам, чабаром і мятай.

                                               Л.Геніюш “Куфар”

КУФАР

bottom of page