ПАРОГ
“Праз парог рукі не падаюць” – такое правіла народнага этыкету існуе сярод нас і сёння. Адказ можна знайсці, калі ўважліва ўгледзецца і паразважаць пра ніжні ўзровень пабудовы хаты. Яшчэ і сёння ў многіх хатах адразу за парогам ёсць вечка (вочка – тое ж вока), праз якое можна трапіць у падполле, склеп. Значна раней, недзе паміж VI- XIV ст.ст. склеп-пограб быў месцам пахавання памёршых. Памёршага чалавека спальвалі на рытуальным месцы, а урну з прахам хавалі пад парогам. З прыняццем і распаўсюджваннем хрысціянства абрадспальвання нябожчыкаў паступова быў заменен абрадам пахавання. Аднак у народнай свядомасці парог так і працягвае заставацца сімвалічнай зонай продкаў. У пахавальным абрадзе парог выконваў ролю пераходу з аднаго свету ў другі: калі выносілі з хаты труну з памёрлым , яе тройчыставілі на парог, тым самым сімвалізаввалі пераход у свет продкаў. А чужы чалавек, перш чым увайсці ў хату,павінен быў абавязкова тройчы пастукаць у дзверы.Шырока вядома павер’е , што размовы, якія вядуцца праз парог, ці рэчы, перададзеныя праз парог, прывядуць да сваркі. Таксама нельга нічога перадаваць і праз іншыя зоны смерці: праз труну з нябожчыкам і праз магілу.
Ва ўяўленні беларускіх сялян у мінулым уваход у хату і парог мелі вельмі вялікае сімвалічнае значэнне. Для людзей, якія па нейкіх прычынах пакідалі сваю хату, менавіта парог рабіўся пэўным сімвалам роднага дома.
Нявеста ж, калі пакідала родны дом, па традыцыі тройчы павінна была прысесці на парозе, як бы развітваючыся з бацькоўскай хатай.
Пераступанне цераз парог як мяжу паміж прасторай хаты і навакольным светам у беларускіх народных абрадах заўсёды было звязана з асаблівымі дзеяннямі. У даўніну, калі вярталіся з царквы пасля хрышчэння, бацька клаў немаўлятка на некалькі хвілін на парозе, што звалася «асвяціць дзіця цераз парог». Такім чынам адзначаўся ўваход у хату новага члена сям'і.
Вялікую сімвалічную ролю адыгрываў парог і ў вясельным рытуале, а таксама ў комплексе абрадаў, што яму папярэднічалі. Так, яшчэ ў час сватання сват, пераступіўшы парог, нізка кланяўся і даваў пахвалёнага, потым жа ў сваёй прамове называў парог «залатым», сваха ж цалавала маці маладой праз парог.
Калі жу дзень вяселля малады прыязджаў у хату да маладой, яе матка са свечкай станавілася на парозе хаты і, падняўшы талерку з хлебам і соллю ўверх, трымала яе да таго часу, пакуль пад ёй цераз парог не пройдуць усе госці. Перад тым як адправіцца да вянца, маладыя праходзілі пад ручніком, у абодва канцы якога было закручана па бохану хлеба і які на высока ўзнятых руках трымалі бацькі. Жаніх і нявеста павінны былі прыгнуцца, схіліць галаву – пакланіцца продкам. Важнасць пераступання цераз парог падкрэслівалася ў час вяселля, калі неслі каравай у хату: пры пераступанні парога музыка пераставаў граць, а сват, на момант спыніўшыся на парозе, громка казаў пахваленне Богу. Быў таксама яшчэ адзін звычай: жаніх пераносіў нявесту цераз парог у хату на руках, каб яна ў гэты святочны дзень не сутыкалася з зонай смерці і яе дзіця – працяг роду – нарадзілася здаровым. Маладая ж, калі выпраўлялася з роднай хаты, тры разы прысаджвалася на парозе, развітваючыся з ім.
У той жа час парог заўсёды быў ахоўнікам хаты. Каб перасцерагчы сябе і хату адбед і нястач, у парог забівалі асінавы кол, сыпалі асвечаны на Спаса мак, перад прыходам у хату “няпрошаных гасцей”у парог забівалі па баках два цвікі, іголкі.
У паўсядзённым жыцці людзям забаранялася сядзець ці стаяць на парозе. Адказ просты: нельга турбаваць продкаў без прычыны. Але перад тым як накіроўваліся ў далёкі шлях, людзі абавязкова на некалькі імгненняў сядалі, перш чым пераступіць парог роднай хаты. Нездарма кажуць:”Без Бога не да парога!”
Парог для беларускага селяніна быў нечым сакральным, яго ў пэўныя адказныя моманты (хрэсьбіны, вяселле) нельга было абмінуць увагай, пераступіць яго без якіх-небудзь рытуальных дзеянняў. Парога, наогул, пабойваліся, лічылі яго месцам небяспечным. Так, гаварылі, што кінутыя на парозе рэчы нельга падымапь, бо яны могуць быць заварожаныя. Расказвалі, што дамавік не любіць, калі ля парога ляжыць які-небудзь прадмет, а тым больш жывая істота — кошка, сабака, бо гэта перашкаджае яму пераходзіць з хаты ў сені і назад. Думалі таксама, што калі хворы памірае, то анёлсядзіць каля яго ложа, а д'ябал знаходзіцца ля парога, чакаючы, калі божы пасланец адвернецца і можна будзе схапіць душу нябожчыка.
Чаму ж парог лічыўся такім небяспечным месцам? Ды таму, што цераз яго, як рубеж, праз які ажыццяўляюцца зносіны ўнутранай прасторы жылля з небяспечнай прасторай знешняга свету, маглі пранікнуць у дом нядобрыя сілы. Таму каля ўвахода ў хату, на парозе, рабіліся ўсялякія засцерагальныя абрадавыя дзеянні, якія павінны былі аберагчыжыллё ад розных сурокаў. У беларускіх вёсках раней амаль абавязковым было, каб над дзвярыма, пад столлю рукою дзяка былі выразаны крыжы. Яны выступалі ў ролі ахоўнага знака, які абараняў уваход у жыллё. Гэткім жа ахоўным знакам з'яўляліся і падковы рожкамі ўніз, якія часта прыбівалі над дзвярамі ці да парога. Вешалі над парогам таксама розныя вострыя прадметы: сярпы, іголкі і інш., — каб не дапусціць у хату «нячыстую сілу», болічылі, што аб гэтыя рэчы ведзьма павінна параніцца. Каб засцерагчыся ад вядзьмарак, уваход у хату, дзверы таксам часта абкладвалі крапівой. А вось каб абараніцца ад Мары— жахлівай істоты, што, пранікаючы ў дом, шкодзіла гаспадарам, — клалі на парозе накрыж мятлу і сякеру. Трэба яшчэ сказаць, што на Тройцу (Сёмуху) ля парога хатыставілі ссечаныя маладыя дрэўцы, што павінна было паспрыяць шчасцю сям'і, аберагчы ад злых духаў.
Засцерагальную ролю адыгрывалі таксама дэкаратыўныя элементы аздаблення ўвахода ў хату. Часцей за ўсё яны ўводзіліся ў форму дэталяў металічных запораў і навескі дзвярэй. Так, рабілі ручкі-клямкі са стылізаванымі выявамі галоў коней ці птушак, якія здаўна ў народнай міфалогіі мелі засцерагальнае, спрыяльнае для чалавека значэнне. Рабілі скобы з выявамі вужа, які ў старажытнасці меў сакральную ролю. Асабліва ж пашыраны быў каваны раслінны дэкор, які ў даўніну таксама разглядаўся як засцерагальны.
Ва ўяўленні людзей мінулага ўваход у хату, парог хоць і прызнаваліся элементам жылля, але ў пэўнай ступені разглядаліся і як нешта, што належыць яшчэ і знешняму свету. Таму знаходжанне ля парога, за парогам сімвалізавала адчужэнне ад свету хаты, ад свету гэтага жылля. Так, свахі, якія прыходзілі ў дом нявесты, пакуль не дагаворацца з бацькамі нявесты, не маглі лічыцца сваімі людзьмі і таму не мелі права адысці ад парога. У час жа прыезду ў дом сватоў з жаніхом, калі яны ўжо праходзілі ў хату, малады павінен быў стаяць ля парога, бо ён яшчэ не быў прыняты як суджаны. Таму становяцца зразумелымі такія словы беларускай песні:
Нялюбай нявестцы —
На парозе сесці.
З цягам часу парог, уваход у хату страцілі сваё былое значэнне. Забыліся людзі пра старажытныя абрады, якія ў мінулым адбываліся на парозе дома, наўрад хто сёння баіцца пранікнення ў хату праз дзверы «нячыстай сілы”. Паняцце «бацькоўскі парог» як увасабленне ўваходу ў родную хату засталося, і кожнага, хто варочаецца здалёку ў бацькоўскі дом, на парозе каля дзвярэй ахоплівае вялікае хваляванне, хваляванне сустрэчы са светам роднага.