top of page

У старажытнай народнай традыцыі ўся прастора жылля, акрамя штодзённага бытавога прызначэння, мела і рытуальнае, абрадавае. У беларусаў, як і ва ўсіх славян, асаблівае месца займалі куты хаты. Перад засяленнем у новы дом куты апырскваліся свянцонай вадой; пры ўваходзе ў хату ў час вясельнага абраду маладыя сыпалі зерне па кутах для забеспячэння дабрабыту сям'і; у час жалобнай трызны першую чарку віна і лыжку ежы вылівалі і кідалі ў кут для нябожчыка.​

Покуць – пачэсны кут, выконваў ролю невялічкай, прыбліжанай да чалавека копіі храма. З гэтай нагоды ў верхняй частцы кута заўсёды вісеў абраз, абавязкова пакрыты прыгожым саматканым ручніком.

Пры ўваходзе ў хату чалавек павінен быў абавязкова перахрысціцца перад іконай у чырвоным куце і толькі пасля гэтага весці размовы з гаспадарамі хаты.

Чаму ж не сцены, якія аддзялялі ўнутраную прастору хаты ад знешняга свету (мікракосм чалавека ад макракосму сусвету), а менавіта куты набывалі ў абрадах вядучую ролю? Хутчэй за ўсё гэта звязана з тым, што асобна ўзятая сцяна сама па сабе не стварае нейкай абмежаванай прасторы, якая магла б мець сакральнае значэнне. Такая прастора ўтвараецца толькі пры злучэнні, прынамсі, дзвюх сцен. Таму менавіта куты, што фарміраваліся ў гэтым выпадку сценамі, рабіліся ў хаце месцам правядзення розных абрадаў.

Пра сувязь кутоў хаты ў народным уяўленні з кірункамі свету гаворыць і наступны народны абрад. Маці, у якой сын быў у салдатах і ад яго даўно не было весткі, брала лусткі ад першага навагодняга хлеба і клала на ноч у чатырох кутах хаты. Калі раніцай усе лусткі акажуцца цэлыя — то і сын цэлы і здаровы, калі ж яны знікнуць з кута, то сын забіты ў той старане, на якую паказвае адпаведны кут.

Немалаважнае значэнне ў хаце меў і так званы бабін кут. Ён знаходзіўся каля печы, таму меў яшчэ назву пячнога кута. Гэтае месца было «царствам» гаспадыні хаты, тут яна гатавала ежу, тут знаходзіліся прылады працы гаспадыні: паліцы з посудам, кухонныя прылады. Калі хлопчыка-немаўлятка перад хрэсьбінамі клалі ў чырвоны кут, то дзяўчынку — паблізу бабінага, пячнога кута. Гэтым падкрэслівалася прызначэнне жанчыны ў хаце як гаспадыні, ахоўніцы дамашняга ачага.

Пэўныя асаблівасці адносін людзей у мінулым да пячнога кута абумоўліваліся непасрэдным суседствам з гэтым кутом печы як аднаго з асноўных паганскіх сакральных цэнтраў сялянскай хаты. Менавіта тут, у пячным куце, побач з печчу, якая ў старажытным народным уяўленні надзялялася рознымі магічнымі функцыямі, праводзілі ў хаце ў мінулым розныя дзеянні чарадзейства і варажбы. Тут шаптала свае закляцці знахарка, калі лячыла каго-небудзь у хаце, тут гатаваў свае зёлкі ад сурокаў вясковы знахар, варажылі дзяўчаты, каб даведацца, ці доўга чакаць ім жаніха.

Чырвоны і пячны куты былі ў хаце тымі пунктамі, вакол якіх арганізоўвалася жыццё, яны з'яўляліся рытуальнымі цэнтрамі жыццядзейнасці сям'і. Астатнія два куты не мелі такога значэння, рытуальнай ролі ім не надавалася. Дыяганаль жа «покуць — пячны кут», якая вызначала арыентацыю хаты ў прасторы сусвету, мела ў мінулым вырашальнае значэнне для жыхароў сялянскай хаты. Арганізуючы жыццё вакол гэтых сакральных цэнтраў, нашы продкі адчувалі сваю сувязь з будовай сусвету, вызначалі сваё месцазнаходжанне ў яго зямной сістэме. Для чалавека мінулага, які вельмі шчыльна быў звязаны з прыродай, гэта было вельмі важна, бо ён заўсёды суадносіў сваё жыццё, сваё жыллё з існаваннем сусвету, з такой яго структурай, якою ён яе сабе ўяўляў.​

І трэба сказаць, што ў жыллі існавала пэўная іерархія кутоў. Галоўнымі ў гэтай іерархіі лічыліся двакуты —чырвоны і бабін, якія ў хаце асабліва адзначаліся ў рытуальным плане. Калі на святы прыбіралі ўдоме, вельмі чысцілі і мылі менавіта гэтыя месцы.

Чырвоны кут меў найболыпае значэнне ў рытуальнай сістэме
жыцця сельскай хаты, з'яўляючыся самай цэннай у абрадавым сэнсе часткай хаты. У імзнаходзіліся абразы, малельныя і святыя кнігі. Тут, на скрыжаванні лаў, у многіх хатахставілі хлебную дзяжу як сімвалдастатку і дабрабыту.

Учас абраду зажынак і дажынак першы і апошні снапы ставілі на пачэснае месца, у чырвоны кут.

На покуці стаяў стол, які ў хацетаксама меўвялікае рытуальнае значэнне. Калі сям'я садзілася за стол есці, месца ў чырвоным куце займаў гаспадар дома. Калі ж у хаце быў паважаны госць, у чырвоны кут саджалі менавіта яго. Успомнім радкі з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля»:

А на пачэсным гэтым месцы

Садзіўся госць – і то не кожан…

3 покуццю звязвалі ў хаце ўсё добрае. На Каляды тут вешалі саламянага «павука» — прыгожы старажытны сімвал сонца, які, па павер'ях, прыносіў шчасце. Покуць дзейнічала ў розных народных прыкметах і варажбе. Так, на Каляды тушылі свечку і глядзелі, у які бок пойдзе дымок: калі на покуць, то будзе ва ўсім прыбытак. На Каляды варажылі яшчэ і па-іншаму. Пасля вячэры міску з рэшткамі куцці і лыжкамі ставілі на кут — калі назаўтра знаходзілі лыжкі ў тым жа становішчы, у якім пакінулі іх учора, то гэта добры знак, значыць, сям'ю ў новым годзе чакае поспех, беды пройдуць міма.

3 покуццю звязваліся ўсе асноўныя падзеі ў жыцці чалавека — ад нараджэння да пахавання. Перад хрышчэннем кума па традыцыі клала немаўлятка — і менавіта хлопчыка,— у чырвоны кут, на «гаспадарчае месца», а дзяўчынку – у “бабін кут”,каб была добрай гаспадыняй. На покуці ж знаходзіў чалавек і апошні прытулак у хаце: тут пад абразамі ставілі труну з нябожчыкам.

Вельмі вялікую ролю покуць мела ў вясельным абрадзе. Гэта праяўлялася яшчэ ў час сватання нявесты: сваты, калі ўваходзілі ў хату, перш за ўсё накіроўваліся на покуць, дзе ставілі на стол прынесеную бутэльку з гарэлкай і скрынку з закускай. У час жа вяселля сват, прыняўшы ад маладых кубак піва, павінен быў рэшткі выліць на сцяну ў покуць. Гэта рабілася, як казалі, для таго, каб маладыя мелі такі дастатак, якога і для сябе хапіла б, і для іншых засталося. А ўвогуле выліванне рэштак піва ў свяшчэнны кут было вынікам старажытнага абраду ахвярапрынашэння продкам. Са свяшчэннага месца — покуці — бацькі маладых бралі таксама абраз для іх благаславення.За вясельным сталом маладыя сядзелі на покуці, дзе як бы сыходзіліся, звязваліся ў адзінае цэлае дзве сцяны – сімвалы двух родаў. Сюды ж, да абразоў, падыходзілі ўсе пасля вясельнай вячэры, каб падзякаваць Богу.

Каліж у хаце ладзілі памінальную вечарыну для прадстаўнікоў свайго роду, то на вугал стала, бліжэй да покуці, ставіўся сподак – рытуальны знак таго, хто адышоў у нябыт. Госці ж за сталом рассаджваліся ў такім парадку: уздоўж сцяны садзіліся па ўзросту мужчыны, а ад сярэдзіны хаты, зноў такі пачынаючы са старэйшых, - жанчыны. Логіка пасадкі была тая ж: наступная чарга за намі. Таму за памінальны стол не пажадана  садзіць нежанатую моладзь, бо народная прыказка строга папярэджвае: “Не лезь раней за бацьку ў пекла”.

КУТЫ ХАТЫ

bottom of page