top of page

Экскурсія

"Дзяды​"

І. І. (Усе садзяцца за стол, вядучы запальвае свечку, якая стаіць на стале.)

   1. Сёння запрашаем вас на свята памінання продкаў. Дзяды — свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў ("дзядоў"). У славянскай міфалогіі "дзядамі" таксама называюць душы продкаў. На Дзяды, згодна са шматвяковым вераваннем нашага народа, продкі нібыта выходзілі з царства мёртвых і наведвалі сваіх родных і блізкіх.

2. У Беларусі Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: масленічныя, радаўніцкія, траецкія (духаўскія), пятроўскія, змітраўскія. Галоўныя — Восеньскія Дзяды, яны адзначаюцца ў лістападзе. Афіцыйная дата ў дзяржаўным календары Беларусі – 2 лістапада. У цэнтры абраду — вячэра ў памяць памерлых сваякоў (калі ў Радаўніцу мы хадзілі «ў госці да сваіх продкаў», то на Восеньскія Дзяды мы запрашаем іх за свой стол). Рытуал Дзяды ў найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў.

3. У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні і пакідалі крыху вады і венік для Дзядоў. Жанчыны з самага ранку пачыналі падрыхтоўку да сустрэчы “шаноўных гасцей”. Вымывалі падлогу, вокны, сталы, вешалі на вокны лепшыя фіранкі. Да свята рыхтавалася ўся сям’я. Той, хто быў па неадкладных справах у ад’ездзе, спяшаўся да вечара вярнуцца дадому. Дарослыя і дзеці ўсюды наводзілі парадак: вымяталі смецце з двара, прыбіралі хату (асабліва старанна рытуальныя зоны жывых і памерлых: чырвоны кут і запечак). Апраналіся ў “дзядоўскі”вечар у чыстае святочнае адзенне.

4. Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі вячэру. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць, – тады, як лічылася, яны змогуць паспрыяць ва ўраджаі. У некаторых мясцінах на рытуал запрашалі гасцей (звычайна сваякоў, суседзяў, а часам і жабракоў). Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчыняў вокны і дзверы і клікаў па імёнах продкаў. Назавіце імёны сваіх самых дарагіх памёрлых родзічаў(вучні называюць па чарзе імёны сваіх продкаў).  Пасля малітвы ўсе падыходзілі да стала, але перш чым сесці самім, запрашалі зрабіць гэта дзядоў і бацькоў. Самі ж садзіліся за стол, не прыціскаючыся блізка адзін да аднаго: баяліся выціснуць памерлых продкаў, якія нібыта нябачна прымалі ўдзел у памінальнай вячэры.

5. Сервіроўка святочнага стала мае свае асаблівасці. На стале павінна адначасова прысутнічаць сімволіка няцотнасці як знак прысутнасці памерлых і цотнасці як сімвал жывых. Каб не пакрыўдзіць памерлых і не нашкодзіць жывым, на стол ставілі няцотную колькасць  страў (павага для памерлых), але кожну страву падавалі на дзвюх талерках – для жывых. На памінальны стол ставілі сем, дзевяць, адзінаццаць страў, і кожны мог есці і піць, што яму падабаецца. Але на Дзяды бытавала традыцыйнае патрабаванне: выпіцьтры чаркі гарэлкі ці віна за памерлых і паспрабаваць не менш як тры стравы.

6. Сярод страў былі варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды інш. На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх жыццё, учынкі, добрыя справы, парады. Для малодшых членаў сям’і гэта быў своеасаблівы напамін пра свой радавод і яго паходжанне. Пасля вячэры гаспадар казаў:

7. "Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!" У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. Часам пасля вячэры весялілі Дзядоў. Былі песні, пляскі, маскарады. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам.

8. З-за стала ў гэты вечар уставаць не спяшаліся. Першым з-за памінальнага стала заўсёды падымаўся самы старэйшы член сям’і, а затым усе астатнія, прычым адначасова. Такія паводзіны тлумачыліся проста: той, хто першы ўстане з-за памінальнага стала, той першы і памрэ з гэтага роду. А таму казалі маладым: «Не спяшайся паперад бацькі ў пекла».Кожны невядомы гук, рух у двары, хаце ці за сталом сведчыў аб прысутнасці дзядоў. Паводле павер'я, калі не спаць ноч пасля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць Дзядоў.

9. У некаторых рэгіёнах  Беларусі на Дзяды наведваюць могільнікі — робяць прылады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладаюць магілы дзірваном, камянямі, ставяць крыжы. Пасля на магілах пакідаюць пачастунак. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. 3 дому з печы прыносілі  гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт.

10. У дзень светлай памяці,

у дзень нашага духоўнага прасвятлення,

у памінальную Змітраўскую суботу

ўзгадайце імёны

сваіх родных і блізкіх,

знаёмых і суседзяў,

сяброў і калег па працы,

усіх тых, хто загінуў або сканаў

без усялякіх звестак,

усіх тых, за каго ніхто і ніколі

ўжо не памоліцца,

не вып’е чарку,

не прыйдзе на паклон да магілы.

Памяніце ўсіх тых,

хто некалі жыў

на зямлі нашай роднай Беларусі.

(Вядучы тушыць акрайчыкам хлеба свечку, усе устаюць з-за стала)

                      Экскурсія  “Ля парога Вечнасці”

1. Жыллё чалавека было цесна звязана з жыццём і смерцю.

У жылой частцы хаты звычайна было тры бэлькі, якія не толькі ўтрымлівалі дошкі столі , але і дзялілі прастору хаты на адпаведныя зоны. Прастор хаты ад парога да першай бэлькі  (каля печы) была зонай гасцей (адсюль і сучасная назва першага невялічкага пакойчыка ў гарадской кватэры – прыхожая, для тых, хто прыходзіць у госці), затым зона гаспадароў і, нарэшце, трэцяя бэлька выконвала ролю радаводнага дрэва жыцця і памяці. Пад ёй жывыя звычайна не сядзелі.У структуры той сімвалічнай мадэлі сусвету, якую ўяўляла беларуская хата ў свядомасці яе жыхароў у мінулым, выдзяляюцца дзве асноўныя сімвалічныя сферы. Першая — сфера зямная, сфера прабывання людзей, якую прадстаўляла жылая прастора хаты з падлогай у ролі зямной глебы, і другая — сфера нябесная, якую ўяўляла прастора хаты, што размяшчалася вышэй столі як «неба» і зверху абмяжоўвалася страхой.  

2.Менавіта ж у «нябеснай сферы» жылля, над столлю, на гарышчы, жылі, па ўяўленнях людзей мінулага, душы памерлых продкаў. Дарэчы, тое, што беларусы амаль да пачатку XX ст. не абсталёўвалі гарышча для жылля, не рабілі свяцёлак, мезанінаў, як у Расіі, гаворыць аб тым, што ў іх доўга захоўвалася вера ў асобую ролю гары (гарышча). 

Пры заручынах, калі пілі гарэлку, рэшткі з кілішкаў выплёсквалі ўгору, да столі — таксама духам продкаў. Таксама і ў вясельнай абраднасці ў час прыгатавання традыцыйнага каравая: пасля яго замескі і перад тым як дастаць з печы, тройчы білі ў столь, звяртаючыся за дапамогай да душаў продкаў.

3. “Праз парог рукі не падаюць” – такое правіла народнага этыкету існуе сярод нас і сёння. Адказ можна знайсці, калі ўважліва ўгледзецца і паразважаць пра ніжні ўзровень пабудовы хаты. Яшчэ і сёння ў многіх хатах адразу за парогам ёсць вечка (вочка – тое ж вока), праз якое можна трапіць у пограб (падполле, склеп).Значна раней, недзе паміж IV і XIV стст. склеп-пограб быў месцам пахавання памёршых. Памёршага чалавека  спальвалі на рытуальным месцы, а урну з прахам хавалі пад парогам. З прыняццем і распаўсюджваннем хрысціянства абрад спальвання нябожчыкаў паступова быў заменен абрадам пахавання. Аднак у народнай свядомасці парог так і працягвае заставацца сімвалічнай зонай продкаў. У пахавальным абрадзе парог выконваў ролю пераходу з аднаго свету ў другі: калі выносілі з хаты труну з памёрлым , яе тройчы ставілі на парог, тым самым сімвалізавалі пераход у свет продкаў.”Прымайце наступнага прадстаўніка нашага роду”.  Шырока вядома павер’е , што размовы, якія вядуцца праз парог, ці рэчы, перададзеныя праз парог, прывядуць да сваркі. Таксама нельга нічога перадаваць і праз іншыя зоны смерці: праз труну з нябожчыкам і праз магілу.

4. У беларусаў, як і ва ўсіх славян, асаблівае месца займалі куты хаты. У час жалобнай трызны першую чарку віна і лыжку ежы вылівалі і кідалі ў кут для нябожчыка.   На покуці ж знаходзіў чалавек і апошні прытулак у хаце: тут пад абразамі ставілі труну з нябожчыкам галавой да чырвонага кута, да абразоў.У выпадку смерці каго-небудзь з родных (першая і другая ступень радства) сям’я выпадала  на цэлы год з традыцыйнага святочнага календара. Такая сям’я пераходзіла ў прастору дзеяння пахавальна- памінальнага цыкла абрадаў, працягласць якіх доўжыцца роўна год , мяняецца сімволіка вопраткі, дамінуе цёмны колер, нельга прымаць удзел у святочных мерапрыемствах, спяваць песні, танцаваць, забаранялася рабіць рамонт. Гадавы цыкл свят  для сям’і памерлага заключаўся ў чатырох памінальных сталах.

5. Кожны з памінальных сталоў быў падпарадкаваны падзеям,звязаным з паступовым пераходам душы памершага ў іншы свет. Чалавек памірае,душа пакідае цела,спыняецца ход насценнага і асабістага  гадзіннікаў,гэта азначала разрыў адносін памерлага  з мірам жывыхі яго падрыхтоўку да пераходу ў свет продкаў.  На трэці дзень душа пакідае цела,дзень пахавання. У хаце ладзілі памінальную вечэру. Памінальны ж стол звычайна ставіўся ці ў адзін рад ад покуці да парога, ці ў два рады, нязлучаныя паміж сабой. Такая структура стала сімвалізавала, што засталася голькі галіна аднаго роду, галіна ж другога роду са смерцю аднаго з членаў сям'і знікла.

Сталы павінны напамінаць калідор, па якім душа пераходзіць з аднаго свету ў другі. На вугал стала, бліжэй да покуці, ставіўся сподак – рытуальны знак таго, хто адышоў у нябыт,там ніхто не садзіўся. Госці ж за сталом рассаджваліся ў такім парадку: уздоўж сцяны садзіліся па ўзросту, пачынаючы са старэйшых,мужчыны,а ад сярэдзіны хаты, зноў- такі пачынаючы са старэйшых,- жанчыны.Логіка пасадкі была такая : наступная чарга за намі. Таму за памінальны стол не пажадана садзіць нежанатую моладзь, бо народная прыказка строга папярэджвае: “Не лезь раней за бацьку ў пекла”.На сімвалічную сувязь стала з небам ва ўяўленнях нашых продкаў указвае звычай, калі ў час памінальнай вячэры адкладвалі на стол частку рытуальнай стравы (канона) для душаў памерлых продкаў, якія, як думалі, знаходзяцца на небе.

6. У час жалобы за памінальны стол прысутныя заходзілі супраць руху сонцаПасля заканчэння трапезы ўсе, акрамя самага старэйшага, выходзілі з-за стала ўжо па сонцы. Гэта азначала надзею, што ў хаце жыццё будзе доўжыцца. Сваякі першага і другога радства за першы памінальны стол не садзіліся, у гэты дзень яны павінны “служыць” тым, хто прыйшоў памянуць іх роднага.

На 9-ы дзень душа пакідае зямлю, ладзіўся 2-і памінальны  (сямейны) стол,  а на саракавы дзень душа з’яўляецца перад Богам, судны дзень, ладзіўся 3-і сямейна-радавы памінальны стол. Роўна праз год душа набывае вечны пакой і ладзіўся 4-ы сямейна-радавы памінальны стол, заключны -“ўгодкі”(ход гадзінніка ўзналяўся).

7. Каб душы продкаў не нашкодзілі, гаварылі словы-абярэгі з 3-яга па 40-ы дзень: ”Зямля яму пухам”, а з 40-ога  - “Царствіе яму нябеснае”. Сям’я памерлага чалавека жыве па –ранейшаму, але любыя святочныя падзеі не для іх. І толькі белы ручнік, які вывешвалі нашы продкі на стаўні акон з боку вуліцы,указваў на жалобу ў гэтай сям’і.

Усе люстраныя, шкляныя, паліраваныя паверхні ў тым пакоі, дзе знаходзіўся нябожчык, і па ходу вынасу памерлага з хаты закрываліся тканінай белага колеру, на Захадзе Беларусі – чорнага. А ўсю ваду, якая была ў доме ў адкрытай ёмкасці (вядры, каструлі, банцы), патрэбна выліць. Па народным уяўлені, душа нябожчыка абавязкова павінна “спаласнуцца”, ачысціцца перад тым,як назаўсёды пакінуць дом. Карыстацца такой вадой нельга, каб не наклікаць на сябе і сваіх родных другую бяду.

8. А вось некаторыя правілы , якімі карысталіся нашы продкі, і мы з вамі павінны іх ведаць:

1) усе рэчы, у якіх памёр чалавек: бялізну, пасцель, вопратку патрэбна было спаліць або закапаць адразу пасля пахавання;

2) забаранялася, каб у вопратцы нябожчыкахоць фрагментарна прысутнічаў чырвоны колер, гэта магло наклікаць яшчэ адну смерць кроўнага роднага ;

3)  забаранялася спаць на тым ложку на працягу сарака дзён, дзе памёр чалавек;

4) на памерлага абавязкова надзявалі  нацельны крыж, нават калі ён не насіў яго;

5) да таго часу пакуль нябожчык знаходзіцца ў доме, нельга мыць палы,мыць бялізну, рыхтаваць рытуальную ежу на памінальны стол.Гэтым самым вы можаце наклікацьна сваю сям’ю невылечныя хваробы;

6) ніякія лішнія прадметы не павінны быць у труне;

7) свечка павінна гарэць у доме  да таго часу, пакуль там знаходзіцца нябожчык,агаркі неслі на могілкі або ў храм і клалі ў спецыяльны паддон на палу.

8) яшчэ адно важнае правіла: вяртацца з могілак і пасля пахавання і пад час памінальных дзён абавязкова да заходу сонца.

9) нельга кідаць пад ногі пахавальнай працэсіі жывыя кветкі – ва ўсе часы ва ўсіх культур свету яны былі сімвалам жыцця. Растоптваючы жывыя кветкі, вы скарачаеце жыццё сваім дзецям ( перш за ўсё дзяўчынкам).

10) калі нябожчыка нясуць на могілкі, не пераходзьце дарогу , іначай “перахопіце”на сябе многія праблемы, як са здароўем, так і ў справах сямейных.

11) як толькі труну з нябожчыкам апусцяць у магілу, родныя першай і другой ступені радства кідаюць у яе грошы – даюць выкуп за “пераправу на той свет. Усе астатнія кідаюць у магілу па тры жмені зямлі.

12) выносіць з могілак якія- небудзь рытуальныя прадметы катэгарычна забараняецца.

13) па заканчэнню пахавання  першым з могілак павінен выйсці самы старэйшы , які прымаў ўдзел у пахаванні.Тым самым ён бярэ на сябе адказнасць, што “наступным”будзе ён перад Богам. Нельга, каб дзеці выходзілі з могілак першымі. У народзе кажуць:”Хто першым пакінуў могілкі, той першы сюда і вернецца”.

14) усе, хто прысутнічаў на пахаванні,павінны вярнуцца ў дом нябожчыкаі прыняць удзел у памінальнай вячэры. Перад парогам дома патрэбна вымыць рукі, каб не прынесці бяду ў свой дом. На могілках кантактавалі з “тым светам” – зямлёй”трыдзявятага царства” – кідалі магільны пясок.

9.Сямейнаму ачагу ў народзе заўсёды надавалася асобае значэнне. Таму не дзіўна, што здаўна ў беларускай вёсцы печ у жыллі адыгрывала вялікую сімвалічную і абрадавую ролю.

Як сімвал сямейнага дабрабыту па старажытнай традыцыі ў печы падтрымліваўся своеасаблівы «нязгасны агонь» — частка недагарэлага вуголля на прыпечку прыкрывалася попелам і ў нязгасным стане захоўвалася на працягу сутак, каб з раніцы зноў можна было запаліць печ. Каб захаваць дабрабыт сям’і, дбайныя гаспадыні не пазычалі “агню” пасля заходу сонца

Лічылася дрэннай прыкметай, калі вуголле гасла (гэта магло прадвяшчаць смерць каго-небудзь з жыхароў хаты). 3 другога боку, калі ў час смерці сем'яніна ў хаце гарэла ў печы, то агонь адразу залівалі вадой (гэта сімвалізавала, што пагасла жыццё аднаго з членаў сям'і). Таксама быў звычай несці на могілкі посуд з вугольчыкамі, узятымі з печы ў доме памерлага, таму што печ і, адпаведна, пячны агонь лічыліся каналам сувязі з душамі продкаў. (Апошнія маглі ў пэўныя рытуальна адзначаныя часы прыходзіць у хату праз комін. Так, на восеньскія Дзяды перад сяданнем за стол гаспадар падыходзіў да загнета, заглядваў у комін і зваў душы продкаў на святкаванне.)

10. У некаторых мясцінахбыў звычай: падыходзілі да печы і тройчы дзвюма рукамі дакраналіся да яе, вярнуўшыся ў хату з могілак пасля пахавання нябожчыка. Гэтае дзеянне павінна было сімвалізаваць вяртанне памерлых да свету жывых.Напэўна, ад ахвяравання продкам узнік і наступны абрад. На парадзіху на шэсць тыдняў накладваліся розныя забароны, у тым ліку — хадзіць у госці. Калі ўжо ў гэтым мелася такая вялікая патрэба, то жанчына павінна была ўзяць з сабою кавалачак хлеба і пакласці яго на прыпечку ў доме, куды яна прыйшла ў госці, каб у гэтых людзей не біўся посуд — гэтак продкі не злаваліся на парушэнне забароны.

Печ не толькі паважалі, але і некалькі пабойваліся — з ёю былі звязаны некаторыя непрыемныя прыкметы. Лічылася, калі пачне трашчаць печ з левага боку — то памрэ гаспадыня, калі затрашчыць з правага боку, памрэ гаспадар .Выпадзенне ж з печы палена ці цагліны прадвяшчала распад сям'і.

11.У хаце ручнікі неслі вялікі сімвалічны сэнс. У некаторых раёнах Беларусі пры пахаванні нябожчыка адзін канец спецыяльнага ручніка прыбівалі да века труны, а другі замацоўвалі на магільным крыжы, што павінна было сімвалізаваць дарогу нябожчыка з гэтага свету ў іншы. Словам «дарога» называлі беларусы таксама і ручнік, што прыбівалі ўздоўж сцяны, каля якой на лаве ляжаў нябожчык.

12. У народзе бытавала перакананне ў тым, што слёзы па нябожчыку,пралітыя пасля заходу сонца, памерлы чалавек будзе насіць на спіне ў вялікім мяшку. Даследчыкамі запісана нямала гісторый, у якіх памерлыя людзі у сне прыходзілі да сваіх родных і карылі іх за гэта. А можа ў гэтай забароне хаваецца яшчэ адзінрэцэпт народнай медыцыны: ноччу наша псіхіка асабліва ранімая, пагэтаму патрэбна стрымліваць эмоцыі, каб не нашкодзіць сабе.

Нават у жарт ці па дурасці , па неразуменню ніколі не жадайце каму – небудзь смерці. Праклён абернецца супраць вас: ”Не избывай постылого. Бог приберёт милого”.

Пахавальн абрад надзелены самым высокім культурным статусам у сферы жыццядзейнасці грамадства.

bottom of page